Беларускі народны каляндар
на 2026 год

Народны каляндар — гэта сістэма памятных дзён-хранонімаў (свят, ігрышчаў, абрадавых звычаяў, прысвяткаў, працоўных дзён), якія адлюстроўваюць прыродна-храналагічныя веды беларусаў і зафіксаваны ў вуснай традыцыйнай творчасці. Асобныя старадаўнія прыкметы надвор’я, якія звязаны з пэўнымі датамі календара, цяпер ўжо страцілі сваю актуальнасць, святкаванні і даўняя абраднасць засталіся толькі ў гістарычнай памяці, а іншыя — у актыўным сучасным бытаванні.
Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы ў тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі/Навалецці, з’яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры. Акрамя таго, валачобныя песні, што выконваліся на Вялікдзень, тагачасны Новы год/лета, уяўляюць сабой паэтычны каляндар, падобнага якому няма сярод традыцый народаў зямлі.

У народным календары на 2026 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай /*/ пазначаны святы «рухомай» царкоўнай пасхаліі, што не маюць сталага месца ў годзе.

У 2027 Вялікдзень у католікаў будзе 28 сакавіка, у праваслаўных – 2 траўня, а Радаўніца 11 траўня.

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у кнігах «Беларускі народны каляндар» (Мінск, 1993, 2002) і інш.
Студзень
1. ч. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія — у 1700 г.
6. а. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Богаз’яўленне, Тры Каралі. Католікі праводзілі маскараваны абрад «Тры каралі», або «Гэроды».
7. с. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд. «Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…». Калядавалі. Насілі «звязду». Паказвалі батлейку, праводзілі ігрышчы («вадзілі казу», «жанілі Цярэшку», «пяклі ката», гулялі ў «Яшчура» і інш.).
9. пт. Сцяпан. Даўней дзень найму слуг, батракоў на год. «На святога Сцяпана вышэй слуга за пана».
13. а. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. «Мароз, хадзі куццю есці». Шчадравалі - выконвалі песні, якія адрозніваліся ад калядных рэфрэнамі «Шчодры вечар…».У в. Семежава Капыльскага раёна праводзілася тэатралізаванае ігрышча «Калядныя цары», а ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна — «Конікі».
14. с. Васілле. Новы год па праваслаўнаму календару. «Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю».
18. н. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Традыцыйная страва з пшаніцы ці рысу і мёдам, макам, а таксама варэнікі, кашы, рыба, узвар. Але разгавецца можна пасля з’яўлення першай зоркі. Апошнія дні Каляд. «Каляда ад’язджае».
19. п. Вадохрышча (Кшчэнне). «Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла», «На Вадохрышча завіруха — на Вялікдзень таксама».
20. а. Прывадохрышча — заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).
24. сб. Аксіння. «Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце». Фядос. «На Фядоса цёпла».
25. пт. Павел. «Вее вецер — будзе вайна». Таццяна. Свята студэнтаў. «Сонца зіхаціць — на ранні прылёт птушак, а снег — на дажджлівае лета».
31. сб. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. «Хавай нос у апанасаўскі мароз». Кармілі гусянятак у абручыку.
Люты
1. н. Ігнат. «На Святога Ігната зіма багата».
2. пн. Грамніцы, Стрэчанне. Дзень сустрэчы зімы з летам. «Калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы», «Грамніца — хлебу палавіца».
5. ч. Агата. Каровіна свята. Свяцілі хлеб і соль. «Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты».
6. пт. Дарота. «Па Дароце высахнуць хусты на плоце». «Каля святой Дароты чыніць пара плоты». Паўзіміца Аксіння. «На Аксінні мяце», «Які дзень на Аксінню, такая будзе і вясна».
8. н. *Памінальніца. Канец Памінальнага тыдня. Калі «вея» ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак — то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер — то пакідалі «дзесяцінкі дзве».
9. п. *Рабы тыдзень, Вясельніца, Развітальны, Сырапусны, Масленічны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленым тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі «калодкі» не жанатым хлопцам. *Дзень сустрэчы на Масленым тыдні.
10. а. *Залвіцыны вячоркі.
11. с. *Лысая серада. На ўзгорках з’яўляюцца «праталіны-залысіны». Ігнат. «Ігнат Грамніцам рад».
12. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. «На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі».
13. пт. *Цешчыны вечары. Стрэчаньскія Дзяды.
14. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). «Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі». Валянцін. Свята закаханых. Абсявалі попелам поле, каб святы Валент адганяў вераб’ёў. Трыфан. «На Трыфана зорна — вясна позняя».
15. н. Грамніцы, Стрэчанне. «Зіма з летам сустракалася, пра здароўейка пыталася». «На Грамніцы палавіна зіміцы».
18. с. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў, да 4.04). Агата. Каровіна свята. Звычай натыкання на рогі асвечанага хлеба, каб жывёла не баялася ўрокаў. Асвечаны на Агаце хлеб адводзіў пажары.
22. н. *Масленіца. «Масленіца ў „вятху“ (пасля поўні) — дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку». *Развітальны, або Дараваны дзень. *Гуканне вясны. «Блаславі, божа, зіму замыкаці, вясну загукаці». На Палессі вадзілі карагоды, «спявалі чырачку», насілі ёлку з вянком.
23. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту (да 11.04). Паласкалі зубы гарэлкаю, каб у час посту больш не піць.
24. а. Мацей. «На Мацея дарога пацее», «На Мацея адліга — будзе мароз». Улассе, Аўлас. Свята жывёлы. «Аўлас на сыры лас», «Ты, Улас, Улас. Ты найміся ў нас скату пасцівіць».
25. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскаквалі цераз пень.
26. ч. Фаціння. Заступніца ад хвароб (ліхаманкі, трасцы і інш.).
28. сб. *Зборава субота. Абрад «споведзі дзежкі».
29. н. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета пасля прыняцця юліянскага летазлічэння. «Святы Ізбор упярод ступіць». Пачатак збору селяніна ў поле.
Сакавік
4. с. Казімір. «Святы Казімір дровы сякець і ў клад кладзець». «На Казімера зіма ўмера».
5. ч. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.
9. п. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.
12. ч. Рыгор. «На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора».
14. сб. Аўдоцця Вясноўка, Аўдокі. Гуканне вясны. «На Аўдокі голы бокі». (1.03 Новы год /Новае лета у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль). «Святы Еўдакей … пераступ года», «Калі на Аўдакеі добрае надвор’е, то будзе добры лён».
15. н. Хвядот. «На Хвядота занос — усё сена знясе».
16. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі «храсты». Рабілі Засеўкі. Абрад «жаніцьбы коміна».
17. а. Герасім Гракоўнік. «Герасім гракоў прыгнаў».
18. с. *Серадапосце. Выпякалі «храстцы». Конан Агароднік. Усіх выводзіць на агароды. Марк. Грак вяртаецца з выраю.
19. ч. Язэп. «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту» (забарона на шлюб). «На Язэпа пагода — год ураджайны».
20. пт. Веснавое раўнадзенства.
22. н. Саракі. Было Новым годам/летам. Свята вясновага раўнадзенства. «Дзень з ноччу мераецца». «Святыя Саракі наперад пайшлі». Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. «Святыя Саракі ў поле саху валаклі». Пліска. «На святога Пліска праб’ець лёд і пліска».
23. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. «Дзікая качка яйцом пахваліцца».
25. с. Дабравешчанне, Звеставанне. «І птушка гнязда не кладзе». Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам/летам. «Перша свята — нова летца, Благавешчан зямлю сушыць». Рыгор. «На Рыгора зіма ідзе ў мора».
26. ч. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка). Забарона на «запасванне» кароў.
27. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак.
28. сб. *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў.
29. н. * Пальмова (Вербна) нядзеля. «Вярба б’е, не я б’ю».
30. п. Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. «На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою».
31. а. Матрона. «На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае».
Красавік
1. с. Дар’я Вясенняя. Адбельвалі палотны.
2. ч. *Велькі чвартэк.
4. сб. *Велька субота. Канец Вялікага посту.
5. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ, Вельканац у католікаў. Быў Новым годам. «Першае свята — свята Вялікадня». *Вербніца. Асвячалі вярбу, сцябалі ёю прыгаворваючы «Не я б’ю, вярба б’е, за тыдзень — Вялікдзень». Арына. «На Арыну сей капусту ў рассадніках».
6. п. Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пяклі пірагі «буславы лапы».
7. а. *Чысты аўторак. Каб на людзей і «гаўядо» не напала «парша», трэба ўсё мыць. Благавешчанне. «Благавешчанне без ластавак — халоднае лета». «Дзеўка касу не пляце, птушка гнязда не ўе». Моладзь праводзіла ігрышча, распальвала вогнішча, гушкалася. Абрад «Страла».
8. с. *Дравяная страсць. Мыюць усё драўлянае. Благуста. «На Благусту сей капусту».
9. ч. *Чысты чацвер. Ідуць у лазню. Абрад мыцця хлебнай дзежкі.
10. пт. *Чырвоная, Велікодная пятніца. Сеялі гарох.
11. сб. *Вялікая, Чырвоная субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.
12. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ. «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!».
13. п. Працяг *Вялікадня. «Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні (п.) пагуляюць, а паследні (а.) дзень выпраўляюць». У Жыткавіцкім раёне на другі дзень праводзілі свята сена.
14. а. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. «Апрэль — нікому не вер». Мар’я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.
15. с. *Градавая серада. Праводны дзень на Мёртвым тыдні. «Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула». *Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйца з лубкоў, гушкаліся на арэлях. Палікарп. «Пачатак бясхлебіцы».
16. ч. *Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою. Мікіта. «Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам».
17. пт. *Прашчэнне. Абліваліся вадою.
19. н. *Праводная нядзеля. На Палессі праводзілі Вялікдзень і халодныя дні.
20. п. *Радаўнічныя Дзяды.
21. а. *Радаўніца. «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць». Руф. Руф рушыць снягі.
23. ч. Юры. (Новы год па задыяку). «Першае святца — святы Юр’я», «Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр’я на „голы“ лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла». Войцах. «Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху».
24. пт. Анціп — ахоўнік зубоў.
25. сб. Марк. «Дождж на Марка, дык зямля як шкварка».
27. п. «Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла».
28. а. Пуд. «Пуд снег пугне».
29. с. Арына. «На Арыну сей капусту на расаду».
30. ч. Зосім — ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.
Травень (май)
1. пт. Кузьма. «Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком».
3. н. *Міраносцы. «На Міраносця п’яны бабы цігаюць адна адну за валосця».
4. п. Пачатак *Пераплаўнага (Чарвівага) тыдня. У агародзе не садзілі, каб не завяліся чэрві.
5. а. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады. «Благаславі, маці,/Ой, Лада, маці!/Вясну заклікаці…».
6. с. *Градавая, Пераплаўная серада. Засцерагаліся ад граду і дажджу. Юр’е. Свята жывёлы, яго першы выган на «юраўскую расу», абкурвалі кароў купальскімі зёлкамі, коням стрыглі грывы і хвасты. «Як дождж на Юр’я — хлеб будзе і ў дурня». На Тураўшчыне праводзілі «Юраўскі гарагод», абрад «Страла» — у паўднёвых раёнах .
7. ч. Алісей. «Прыйшоў Алісей — авёс пасей». Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.
8. пт. Станіслаў. «Сей лён на Станіслава — вырасце як лава». Марк. «Дождж на святога Марка — дык зямля, як шкварка».
10. н. Ярылавіца. Свята Ярылы, вясновага заядуць чэрві. Калі сонца ўсходзіць яснае, чакай ветранага лета.
13. с. Якуб. «На Якуба грэе люба».
14. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. Макарэй. Абрады ля вады.
15. пт. *Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.). Не працавалі. Барыс. Апякун поля і жывёлы. Калі залівіста спявае салавей, то вясна пайшла на змяншэнне, а лета — на прыбытак.
18. п. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.
20. с. Антоній. «На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца».
21.ч. *Ушэсце. Жыта родзіць.З зямлі выходзяць прасушыцца скарбы (паданне). Абрад «Страла». Іван Веснавы. Апякун земляроба. «На Івана каласок, а на Пятра піражок».
22. пт. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. «Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена».
23. сб. Зілот. «Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злота».
24. н. *Сёмуха, Зялёныя святкі, Пяцідзясятніца.Свята зелені. «На Духа будзе цёпла і суха». Макей. «Мокра на Макея — і лета не прасушыць». Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры — і лета будзе мокра.
25. п. Епіфан. «На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю — гарачае лета».
27. с. *Градавая серада. Сідары. «Прыйшлі Сідары — прыйшлі і сіверы».
28. ч. Пахом. «Святы Пахом павее цяплом». «Сей агуркі на Пахом — будзеш насіць мяхом».
29. пт. *Сёмушныя Дзяды. Магдалена. «Магдалена зязюльку прысылае».
30. сб. *Духавая субота, Зялёная субота. Свята маладой зеляніны. «Завівалі» вянкі, бярозкі.
31. н. *Тройца. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. «Павядзём Куста пад гай зялёненькі…». Шэсць дзеў. «Лён сей позні». Канапелька Матруна. «Канапелька Матруна ў зямлю махнула». Фядот. «Як на дубе апушка — у Фядота поўна аўса кадушка».
Чэрвень
1. п. *Святы Дух. «На Святога Духа не скідай кажуха». Садзілі капусту і каноплі. *Русальніца, Іван ды Мар’я. Праводзіны вясны. «На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі…».
2. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней.
Тры пакутнікі. «Няма лета, але пасля іх не бывае зімы».
3. с. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.
4. ч. *Божае Цела, Зелянок. Абрады з галінак бярозы. *Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне продкаў на могілках. Абліваліся вадою. Васіліск. «Ад Васіліска і салавей блізка».
5. пт. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.
6. сб. Юстын і Харытон. «Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон — лён».
7. н. Русальчыны розыгры. Засцерагаліся русалак. *Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі, якія завівалі ў Зялёную суботу. Ян. «Рой перад Янам — пчаляр будзе панам».
8. п. *Пятроўка, Петравіца. Пятроўскі пост да 11 ліп. Пятроўка-галадоўка.
11. ч. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. «На Дзявятнік дзеўяць ягодзін на галінцы».
12. пт. *Дзевятуха. Дзень засцеражэння ад навальніцы.
13. сб. Антоній. «Антоні, аддай коні». Ерамей. «Прыйшоў Ерамей — больш не сей».
16. а. Лук’ян. Паўднёвы вецер на Лук’яна — на добры ўраджай яравых.
18. ч. *Дзясятнік. «Дзясятнік гнаі возіць».
19. пт. *Дзясятка. «Косы точыць». «Жыта паспявае».
21. н. Тодар. «На Тодара раса — канапель паласа». Летняе сонцастаянне. Дзень — 17 г, 7 хв., 29 с. Усход — 4.37, захад — 21.45 у Мінску.
22. п. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.
23. а. Купала. У старажытнасці - Новы год/лета.
24. с. Ян Купальны. «Сонца грае». «Ходзіць Ян па вуліцы,/ Завець дзяўчат у Купаллю…»
25. ч. Анапрэй. З ім звязана паспяванне суніц. «Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ».
26. пт. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост. Каровы «зыкуюць».
28. н. Амос. «Прыйшоў Амос — цягне ўгору авёс».
29. п. Ціхан. «Пеўчыя птушкі заціхаюць». Пятрок. «Да Пятра зязюльцы кукаваці». «Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйдзе Ілья — ападуць і два».
Ліпень
2. ч. Будслаўскі фэст. Свята пакланення абразу Маці Божай Будслаўскай у Мядзельскім раёне.
6. п. Купалле. Свята Сонца і кахання. «Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне».
7. а. Іван Купала. «Учора была Купала, а сёння Іван».
8. с. Данат. «Святы Данат коскі точыць».
10. пт. Сем братоў. «Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды». Самсон. «На Самсона дождж — сем тыдняў то ж».
12. н. Пятро. Свята заканчэння Купалля. «Прыйшоў Пятрок — апаў лісток».
13. п. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. «На Сымана й Юды конь баіцца груды».
14. а. Кузьма і Дзям’ян. Свята кавалёў. «Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям’ян сена грабе».
17. пт. Андрэй. «Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма». «Андрэй усіх мудрэй».
18. сб. Свята Месяца. «Месяц гуляе».
21. а. Казанская, Градавы дзень. Засцераганне ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. Пракоп. Пракоп бок прыпёк.
25. сб. Якуб. «На Якуба хлеба поўна губа». Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос.
26. н. Ганна. Снапы кладзе. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду.
29. с. Афінаген. Заціхаюць птушкі.
31. пт. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень «зазубрывання» сярпоў перад жнівом.
Жнівень
1. сб. Макрыны. «Глядзі восень па Макрыні».
2. н. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. «Ілля нарабіў гнілля». «Укінуў у воду кусок ільда».
4. а. Мар’я. «Магдалена — вады па калена».
6. ч. Барыс Палікоп. «Барыс і Глеб — паспеў хлеб».
7. пт. Ганны. «Святы Ганны бабкі стаўляюць».
9. н. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.
10. п. Лаўрын. «На Лаўрына спяшай да млына».
12. с. Сіла. Жыта сей.
14. пт. Макавей, Першы, Мядовы Спас. Свята маку і мёду. Варажылі: «Макавею, я на цябе канапелькі сею…». Як дождж на Макава, будзе многа грыбоў, а калі не — будуць пажары. «Першы Спас — провады лета». Спасаўка. Пост да 27 жніўня.
15. сб. Прачыстая, Зельная. «Прыйшла Прачыста — стала поле чыста». Базыль. «Базыль авечкам воўну дае».
16. н. Антоны Віхравеі. Рох. «Кірмаш на паненак» — дзень выглядання нявест.
17. п. Еўдакія. Агуркі збірае.
19. с. Яблычны, Вялікі Спас. Свята садавіны. «Спас — усяму час». Дзень адлёту буслоў (Калі буслы пачынаюць рыхтавацца да вылету за тыдзень да Спаса, то зіма будзе ранняя і марозная, а вясна цёплая).
23. н. Лаўрэн — свята млынара. «Баўтрамей і Лаўрын паказваюць, якая прыйдзе восень».
24. п. Баўтрамей. «Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей». «Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей».
27. ч. Міхей. Выспяваюць брусніцы.
28. пт. Прачыстая, Зельная. Свята ўраджаю.
29. сб. Трэці, Хлебны, Арэхавы Спас. Свята хлеба. «Трэці Спас — хлеба прыпас». Паспявалі лясныя арэхі. Ян. «Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў».
30. н. Міроны Ветрагоны. «Міроны Ветрагоны пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць».
31. п. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. Сухая навальніца, або дождж.
Верасень
5. сб. Лупа. «Сей на Лупа — будзе жыта купа».
7. п. Баўтрамей. «Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей».
8. а. Другая Прачыстая. «Меншая Прачыста — канчай сеяць начыста».
10. ч. Мацей. Абаронца ад п’янства.
11. пт. Калінавік, Іван Крываўнік. «Да Яна прасіце, дзеткі, дажджу, а па Яне я й сам упрашу».
13. н. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.
14. п. Узвіжанне. Закрыванне зямлі. Сымон. Абрад «жаніцьбы коміна». (Асенняе Навалецце/Навагоддзе з 1493 г.). Бабіна лета.
19. сб. Цуды, Міхал. «Міхал з поля спіхаў».
21. п. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.
23. с. Асенняе раўнадзенства.
24. ч. Тадора. «На Тадору ўсякае лета заканчваецца».
26. сб. Стаўроўскія Дзяды
27. н. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі збіраюцца ў кучу.
29. а. Міхал. «Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор’е надзеі». Сіцыян. «Святы Сацыян ды ляны пасцілаў».
Кастрычнік
2. пт. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца — мароз на Пакровы ўдарыць.
4. н. Пранцішак, Францішак. «На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка».
8. ч. Сяргей. «З Сяргея пачынаецца зіма». Жалезны тыдзень. Чысцілі жалезныя рэчы.
9. пт. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест. «Іван Багаслоў дружкі разаслаў, а на Пакрова дзеўка гатова». «Святы Багаслоў да буракі капаў».
12. п. Пакроўцы. У нек. раёнах паміналі памерлых сваякоў.
14. с. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. «Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку — вяночкам». «Пакровы — зарыкалі каровы». «Калі на Пакрову маладзік, то будзе лёгкая зіма. З поўначы вецер — халодная зіма, з поўдня — цёплая». «Як на Пакровы дождж ідзе, то бортнік скача, а пахар плача». Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі «ў дзеўкі» сябровак.
16. пт. Дзяніс. «Дзяніс пацягнуў дзень уніз».
21. с. Зміцер. «Да Змітра баба хітра». Трыфан, Палагея. «Золкім ветрам вее».
25. н. Марцін — свята млынароў. Частаваліся гусяцінай на млынавым крузе. «Марцін святы — любіцель гагаты».
27. а. Параскева Гразнуха. «На Гразнуху не бывае суха».
28. с. Сымон і Юда. «Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць». Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.
29. ч. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.
30. пт. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.
31. сб. Лука. «Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі». Дзень іканапісцаў. «На Лукаша дзеўка наша». Юльян — ахоўнік дзяцей.
Лістапад
1. н. Усе Святыя. «Усе Святыя як засваволяць — дрэвы да рэшты аголяць».
2. п. Задушны дзень, Задушкі. Памінальны дзень.
4. с. Казанская. «Да Казанскай — не зіма, а пасля — не восень; зранку дождж, з вечара — снег. Выязджай на Казанскую на калёсах, а палазы з сабой прыхапі».
5. ч. Гужнікі. Правяралі конскую збрую, рабілі са скуры гужы (петлі ў хамуце).
7. сб. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. «Святыя дзяды, завём вас…».
8. н. Зміцер. «Да Змітра дзеўка хітра». Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе. «Змітрок па снегу — і Вялікдзень па снегу, а Змітрок голы — і Вялікдзень таксама».
9. п. Тодар. «На Тадора поўна камора».
10. а. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля. Маліліся на добрага жаніха.
11. с. Марцін. «Мядзведзь кладзецца ў бярлогу». Млынары спынялі працу. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі.
12. ч. Артошка. Пачатак прадзення. На свята паляўнічых, каб быць прыгожым, трэба з’есці кавалачак зайчаціны.
14. сб. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля. Калі дым з коміна падымаецца вертыкальна ўверх, хутка надвор`е наладзіцца.
15. н. Жытніца. Аглядалі клеці і жытніцы: «Жытніца поўная — дык і душа вольная».
17. а. Ярома. «Ярома — сядзі дома» (каб шчаслівым быць).
21. сб. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. «Мядзведзі ідуць у спячку». «Міхайла ў інею — снежная зіма наступае, а калі туманамі спавіты — быць адлізе» (такія ж прадказанні і на Матрону).
22. н. Адвент. Матрона. «З Матроны становіцца зіма».
24. а. Хвёдар Студзянец. «Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць».
25. с. Кацярыны. «Кацярына забрала лета». Іван Міласцівы. Дзень падарункаў.
27. пт. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпоўскага посту.
28. сб. Піліпаўка — перадкалядны пост (да 06.01).
29. н. Мацей. «На Мацея зіма пацее». Адвент. Раждзественскі пост. Андрэйкі. Дзявочае свята.
Снежань
1. а. Платон ды Раман. «Платон ды Раман кажуць зіму нам».
2. с. Аўдзей. «Вербы на Аўдзея плачуць – да завеяў».
3. ч. Прокл. Пракліналі ўсялякую поскудзь.
4. пт. Барбара. «Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла». Увядзенне. Водзяцца ваўкі.
5. сб. Пракоп. Колькі снегу, столькі вясной травы будзе. Савы. «Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае».
6. н. Адвент. Мікола, Мікалайкі. «Хвалі зіму па Міколе». Матрыхваны. Не пралі.
7. п. Кацярыны. Кацярына Санніца. «Забрала край лета». «Кацярынін дзень прыйшоў, катанне прывёў». Адвент.
9. с. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. «Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні».
12. сб. Парамон Зорнік. Глядзелі ранішнюю зару: барвовая – да сцюдзёных вятроў, чырвоная – быць дню яснаму, снежная – чакаць завеяў. «Ходзіць зіма ў мядзведжым футры, па стрэхах стукае, бабам уставаць загадвае тапіць печ».
13. н. Адвент. Андросы, Андрэйкі. Варажылі. Слухалі ваду ў студнях: калі ціхая вада – да добрай зімы, шумная – да сцюжы і завеяў.
14. п. Навум. «Наставіць на вум». Пачыналі вучыць дзяцей грамаце. Калі на небе шмат зор – будзе завея; калі вецер дзьме з поўначы, то ў бліжэйшыя дні будзе вельмі халоднае надвор’е. Адвент.
16. с. Іван Маўчальнік. Словам у гэты дзень не злоўжывалі.
17. ч. Варвары. «Мікола і Варвара ноч урвалі». Пастухі збіралі «варваршчыну» – традыцыйную плату за сваю працу.
18. пт. Савы, Міколін бацька. «Сава мосце, а Мікола гвоздзе».
19. сб. Мікола Зімовы. «Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Мікола марозам гвоздзіць».
21. п. Анфіса Майстрыха. Варажылі на жаніхоў. «Іголка-сястрычка, пакажы мне суджанага тварык! Перад кім з’яўлюся не ў палатняным, а ў сасватаным?». Зімовае сонцастаянне.
22. а. Ганны. Ганна Зімовая. «Ганны – прыбавіцца багата дня». «Ганкі – палічаны дзянькі». Абыходзілі гаспадарку, каб перавярнуць яе на новы год – «на лета і да росту».
24. ч. Вігілія. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студз.). Насілі «звязду».
25. пт. Божае Нараджэнне. Было Новым годам. «Свята Ражаство ўпярод пашло, Новы гадок павёў радок». Спірыдон Сонцаварот. «Пасля сонцавароту хоць на курыны крок, ды прыбудзе дзень». 
26. сб. Сцяпан. Дзень найму батракоў у мінулым. «На Святы Сцяпан кожны сабе пан».
31. ч. Багатая куцця. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты. Марк. «Марка да Варка – няхай будзе парка».
Сістэмазаваў народны каляндар - Алесь Лозка
Выявы ў артыкуле: Аляксандр Тарасевіч, Freepik